Калектыў дзяржаўнай установы “Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” глыбока смуткуе ў сувязі са смерцю Лаўрэата Ленінскай прэміі, прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, аднаго з аўтараў мемарыяльнага комплекса “Брэсцкая крэпасць-герой” скульптара і архітэктара Валянціна Паўлавіча Занковіча.

Творчы шлях майстра многія гады быў звязаны з увасабленнем у скульптуры вобразаў выдатных асоб і значных падзей гісторыі Беларусі, трагедыі і подзвігу беларускага народа ў гады вялікай Айчыннай вайны.

Удзел ў стварэнні мемарыяльных комплексаў “Брэсцкая крэпасць-герой”, “Хатынь”, стэлы “Мінск – горад-герой”, манумента “Беларусь партызанская” – сведчанне глыбокага разумення  аўтарам, дзяцінства якога прыйшлося на ваенныя гады, тэмы мужнасці, выпрабаванняў, барацьбы і Вялікай Перамогі.

Да 60-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны і абароны Брэсцкай крэпасці па праекце В.П.Занковіча ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” была створана скульптурная кампазіцыя “Героям граніцы, жанчынам і дзецям, якія мужнасцю сваёю ўвайшлі ў бессмяротнасць”.

Памяць пра Валянціна Паўлавіча Занковіча назаўсёды застанецца ў яго работах і праектах, сэрцах калег, паплечнікаў і родных.