19 лютага 2026 года ў канферэнц-зале Музея абароны Брэсцкай крэпасці адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы ДУ «Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» рукапіснага варыянту кнігі Б.Васільева «У спісах не значыўся» ўдзельнікамі ўнікальнага праекта, прымеркаванага да 80-годдзя Перамогі.

Удзельнікі – больш за 1 500 чалавек, у тым ліку школьнікі Расіі і Беларусі з 25 школ – на працягу года ўручную перапісалі мастацкі твор, прысвечаны абаронцам Брэсцкай крэпасці, падрыхтавалі для кнігі ілюстрацыі. Кожны ўдзельнік праекту сваімі радкамі ў кнізе аддаў даніну памяці і павагі подзвігу невядомых герояў.

Рукапісны варыянт кнігі створаны ў двух экзэмплярах. Адзін перададзены ў Музей Перамогі (г.Масква), другі - застаецца ў мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой".

У мерапрыемстве прынялі ўдзел арганізатары і ўдзельнікі патрыятычнага праекта: дэлегацыі гімназіі № 192 Калінінскага раёна Санкт-Пецярбурга «Брусаўская гімназія», школы № 40 г.Тулы, навучэнцы Гімназіі № 4 і СШ № 26 г. Брэста, а таксама ганаровыя госці.

Тэматычныя музычныя нумары, дэкламаванне вершаў пра вайну і подзвіг, тэатралізаваныя пастаноўкі зрабілі атмасферу мерапрыемства ўнікальнай, як і сам праект.

Разам мы захаваем праўду і памяць пра падзеі і герояў Вялікай Айчыннай вайны.