Адкрыццё экспазіцыі «Абарона Усходняга форта» адбылося 3 ліпеня 2020 года і было прымеркавана да 75-й гадавіны Вялікай Перамогі і 76-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прысвечана абароне Усходнага форта – аднаму з самых значных і арганізаваных ачагоў супраціўлення ў чэрвені 1941 года.

Размешчана ў казематах унутранага вала казармы ў 7-мі экспазіцыйных залах (5-ць залаў класічнай, 2-е залы «вулічнай» адкрытай экспазіцыі), ахоплівае тэрыторыю форта, аглядныя пляцоўкі.

Прадстаўлены музейныя прадметы з калекцый ДУ «Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», УК «Брэсцкі абласны краязнаўчы музей», УК «Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В.Суворава».

Уваходная экспазіцыя прысвечана гісторыі збудавання.

Зала 1 «Штаб абароны. Партыйны сход» адлюстроўвае дзейнасць і ролю Штаба абароны і партыйнай арганізацыі як асноўных органаў кіравання разрозненымі падраздзяленнямі абаронцаў форта.

Зала 2 «Шпіталь-лазарэт» прысвечана подзвігу медыцынскіх работнікаў, якія знаходзіліся ў форце (і крэпасці ў цэлым). Улічваючы, што ў 1941 годзе лазарэт займаў казематы стайні, паказаны асаблівасці памяшкання. Для поўнага «пагружэння» ў атмасферу падзей выкарыстана праекцыя з кадрамі фільмаў пра аказанне дапамогі параненым.

Зала 3 «Сем’і камандзіраў» раскрывае лёсы членаў сем’яў камандзіраў і непарыўна звязана з падзеямі ў лазарэце: родныя камандзіраў (больш за 20 чалавек) аказвалі пасільную дапамогу тым, хто абараняўся: набівалі кулямётныя стужкі, даглядалі параненых.

Зала 4 «Вернасць сцягу», у аснове якой – апавяданне пра выратаванне сцяга 393 асобнага зенітнага артылерыйскага дывізіёна на аснове ўспамінаў загадчыка склада боепрыпасаў 393 АЗАДа, малодшага сяржанта Р.К.Семянюка, які знайшоў сцяг у 1956 годзе. Частка экспазіцыі адведзена пад імправізаваную кіназалу, дзе трансліруецца дакументальны фільм «Усходні форт» (1989).

Зала 5 «Апошні бой» прысвечана штурму Усходняга форта, яго бамбардзіроўцы 29 чэрвеня. Прадстаўлены макет авіябомбы вагой 1800 кг у натуральную велічыню, зброя з раскопак, фота і дакументы абаронцаў форта, сэнсарны экран з біяграфічнай інфармацыяй на 290 удзельнікаў абароны форта.

Зала 6 «Апошні абаронца» і Зала 7 «Салдаты вайны і міру» з’яўляюцца «адкрытай экспазіцыяй» у казематах правай часткі вала.

У чэрвені 1941 года гэтыя казематы былі месцам бязлітасных баявых дзеянняў, бо толькі з вокнаў гэтага ўчастка прастрэльваўся ўваход і ўнутраны двор умацавання. У залах гучыць голас камандзіра абароны форта маёра П.М.Гаўрылава, устаноўлена скульптура «Апошні абаронца», макет счацвяронай зенітнай устаноўкі М4.

Лагічным завяршэннем тэмы з’яўляецца экспазіцыя «Апошнія метры», да якой можна выйсці пасля агляду пастаяннай экспазіцыі праз правую браму.

Побач размешчаны таблічкі з імёнамі 25-ці абаронцаў форта, якія загінулі ў палоне (пасля будуць дапаўняцца).

Адкрыццё экспазіцыі – адзін з завяршальных напрамкаў стварэння мемарыяльнай зоны Брэсцкай крэпасці, звязанай з Вялікай Айчыннай вайной і абаронай у чэрвені–ліпені 1941 года. Разам з тым – своеасаблівы падмурак для далейшых работ па капітальным рамонце, рэстаўрацыі і захаванні гістарычнай спадчыны крэпасці.