Экспазіцыя «Музей вайны – тэрыторыя міру» была адкрыта 22 чэрвеня 2014 года ў дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны і гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці, у год 70-годдзя вызвалення тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яна размешчана ў Паўднёва-ўсходняй казарме Цытадэлі.  Капітальны рамонт, рэстаўрацыя і музеефікацыя былі праведзены за кошт спонсара – ААТ «Газпрам».

Па сваёй тэматыцы экспазіцыя з’яўляецца лагічным працягам Музея абароны Брэсцкай крэпасці – яна раскрывае вобраз Брэсцкай крэпасці і звязаных з ёй персаналій на дарогах вайны, іх пасляваеннае прызнанне.

1-я зала «Напярэдадні» дазваляе ўбачыць перадваенную крэпасць: рэканструкцыя салдацкай казармы і Брэсцкай (Трохрачнай) брамы, дакументы, фатаграфіі, фільмы і музыка паказваюць мірнае жыццё воінаў Брэсцкага гарнізона.

2-я зала «Бітва» прысвечана баям на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці ў чэрвені–ліпені 1941 года і заснавана на ўспамінах абаронцаў крэпасці, нямецкіх дакументах і фатаграфіях. Інсталяцыі, макеты, гукавое суправаджэнне спрыяюць пагружэнню наведвальніка ў абстаноўку вайны.

3-я і 4-я залы пад агульнай назвай «Выпрабаванне» раскрываюць трагедыю савецкіх ваеннапалонных на прыкладзе лёсаў абаронцаў Брэсцкай крэпасці, удзельнікаў баёў у раёне г. Брэста, адлюстроўваюць складанасці іх адаптацыі да мірнага жыцця пасля вайны. Палажэнне грамадзянскага насельніцтва, якое пражывала на акупіраванай ворагам тэрыторыі г. Брэста і Брэсцкай вобласці, можна прасачыць праз успаміны сведкаў.

5-я зала «Прызнанне» расказвае пра доўгі і няпросты шлях да прызнання подзвігу абаронцаў крэпасці ў пасляваенныя гады. Сістэма «Гукавыя купалы», дзякуючы накіраванаму гучанню, дазваляе пачуць успаміны непасрэдных удзельнікаў падзей пра апошні мірны дзень, пачатак вайны, баі за крэпасць, палон.

6-я зала «Рэха вайны» з’яўляецца завяршэннем аповяду пра прызнанне подзвігу абаронцаў крэпасці і своеасаблівым пераходам да ўвекавечання памяці пра іх у творах мастацтва. Зала ўяўляе сабой тунэль, дзе падлогавае пакрыццё – шкляная вітрына з прадметамі з раскопак – сведкамі вайны.

7-я зала «Спадчына» на аснове мастацкіх твораў раскрывае вобразы абаронцаў Брэсцкай крэпасці, месцы былых баёў.

8-я зала «Дарогі памяці» прысвечана захаванню памяці пра падзеі пачатку Вялікай Айчыннай вайны і людзей, чые лёсы звязаны з гераічным мінулым Брэсцкай крэпасці.

Праца мемарыяльнага комплексу па стварэнні экспазіцыі «Музей вайны – тэрыторыя міру» атрымала прызнанне і высокую ацэнку на дзяржаўным узроўні: 9 студзеня 2015 года калектыў мемарыяла быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі ў галіне культуры і мастацтва за захаванне гістарычнай памяці пра Вялікую Айчынную вайну і за стварэнне экспазіцыі «Музей вайны – тэрыторыя міру»