Прымеркавана да 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны і гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці.

Аформлена на 21 планшэце, згрупаваных па тэмах у «трохкутнікі» (усяго прадстаўлена 7 блокаў-«трохкутнікаў», у тым ліку загаловачныя, па 5-ці тэмах). Такое размяшчэнне матэрыялаў выстаўкі дазваляе наведвальнікам хадзіць паміж імі, разважаць над убачаным і прачытаным, апынуцца як бы «ўнутры» крэпасці, быць акружанымі фотаздымкамі і ўспамінамі. Адчуванне «пагружэння» ў падзеі даюць вялікафарматныя фатаграфіі і яркія вытрымкі з успамінаў відавочцаў. «Чырвонай ніткай» праз большасць планшэтаў праходзяць фрагменты карціны М.Я.Бута «Брэст. Чэрвень 1941 года» (1958).

Экспанаты выстаўкі адлюстроўваюць перадваеннае жыццё крэпасці, гераічную абарону 1941 года. Лёсы абаронцаў крэпасці прадстаўлены на аснове іх успамінаў, фатаграфій з фотаальбомаў і сямейных архіваў, а таксама фотаздымкаў, зробленых салдатамі вермахта.