Налічвае больш за 13 тысяч прадметаў асноўнага фонду. Камплектаванне пачалося з моманту стварэння музея.

Аснову фонду складаюць асабістыя дакументы абаронцаў крэпасці, удзельнікаў баёў у раёне г. Брэста ў чэрвені 1941 года і ўдзельнікаў вызвалення горада ў ліпені 1944 года: аўтабіяграфіі, атэстаты, дыпломы, запісныя кніжкі; кніжкі чырвонаармейскія, ордэнскія, працоўныя, заліковыя; пашпарты, запрашэнні, пропускі, пасведчанні, даведкі, характарыстыкі. Прадстаўлены ўзнагародныя дакументы: адрасы, падзякі, дыпломы, граматы, пасведчанні аб прысваенні званняў. Асобае месца займаюць даваенныя лісты абаронцаў крэпасці і іх успаміны пра першыя дні вайны.

Рэліквійнымі ў музейным зборы з’яўляюцца дакументальныя матэрыялы, якія паступілі падчас пошукавых работ. Адным з першых музейных прадметаў стаў камсамольскі білет А.Ф.Наганава, знойдзены каля Цярэспальскай брамы ў 1949 годзе.

У фондзе захоўваюцца дакументы і матэрыялы з архіва пісьменніка С.С.Смірнова, калі ён працаваў над кнігай «Брэсцкая крэпасць».

Дапаўняюць калекцыю дакументы справаводства, планы крэпасці ХІХ стагоддзя, карты, схемы, рукапісы.

Гісторыя музея і мемарыяла знайшла сваё адлюстраванне ў кнігах водгукаў, граматах, прывітальных адрасах.