Больш за 6 тысяч прадметаў налічвае калекцыя «Нумізматыка». Яна ўключае ордэны, медалі, знакі, значкі, плакеткі, жэтоны, манеты і грашовыя знакі. У фондах захоўваюцца ўзоры манет і папяровых грашовых знакаў Расіі, Беларусі, Заходняй Еўропы і ЗША другой паловы XVIII–пач.XXI стагоддзяў. Значны ўклад у папаўненне нумізматычнага збору ўнеслі супрацоўнікі Брэсцкай мытні, якія перадалі мемарыялу культурныя каштоўнасці, канфіскаваныя падчас незаконнага вывазу за мяжу. Таксама ў калекцыю паступалі прадметы з раскопак.

На сённяшні дзень больш за 290 ордэнаў СССР, а таксама баявыя і юбілейныя медалі раскрываюць гераічнае мінулае нашай краіны. Сярод іх – урадавыя ўзнагароды ўдзельнікаў абароны Брэсцкай крэпасці. Ордэн Леніна і медаль «Залатая Зорка», уручаныя Брэсцкай крэпасці 8 мая 1965 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР у сувязі з прысваеннем звання «Крэпасць-Герой», займаюць галоўнае месца, як узнагароды ўсім героям. Пачэснае месца ў калекцыі займае Знак Лаўрэата Ленінскай прэміі № 1812 пісьменніка С.С.Смірнова за кнігу «Брэсцкая крэпасць».

Нямала медалёў, знакаў і значкоў, прысвечаных юбілейным датам гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, памятным мясцінам, воінскім часцям і злучэнням, барацьбе за мір, УЛКСМ, турыстычным злётам у гонар Перамогі, выдатным гістарычным асобам і падзеям.

Подзвіг загінулых герояў Цытадэлі шануюць у розных рэгіёнах былога СССР. З паступленняў апошніх гадоў – памятны медаль «Крок ў неўміручасць», перададзены 8 лістапада 2016 годаў дзень 60-годдзя Музея абароны Брэсцкай крэпасці старшынёй РГА «Дух Эльбы» З.П.Вашурынай мемарыяльнаму комплексу. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Г.Лукашэнкі ад 22 верасня 2021 года № 361 за значныя дасягненні ў захаванні гістарычнай спадчыны, увекавечванні памяці ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі і ў сувязі з 50-годдзем з дня заснавання дзяржаўная ўстанова «Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» узнагароджана ордэнам Францыска Скарыны.

Гэта сведчанне пакланення самаахвяраванню і мужнасці абаронцаў крэпасці ў імя Радзімы.