Значную частку музейнага фонду складаюць фотадакументы. На сённяшні дзень у фондах захоўваецца каля 30 000 фатаграфій і негатываў.

У калекцыі ДУ «Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» адлюстравана практычна ўся разнастайнасць жанраў фотаздымка. Гэта партрэт, у тым ліку і жанравы партрэт, сямейны фотаздымак, дзіцячы, фота на дакументы, фотарэпартаж, архітэктурны фотаздымак, аэрафотаздымка, дакументальны фотаздымак, пейзаж, фотакалаж, рэпрадукцыя, лічбавы фотаздымак.

У экспазіцыі музея і выставак поруч з арыгіналамі фотаздымкаў асноўнага фонду перадваеннага, ваеннага і пасляваеннага перыядаў шырока выкарыстоўваюцца і фотакопіі (вытрымкі з нямецкіх данясенняў, газет, часопісаў, фотакопіі слайдаў, лістоў і ўспамінаў абаронцаў крэпасці, карткі ваеннапалонных).

Больш за 590 фотадакументаў з фондавых калекцый ДУ «Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» сёння прадстаўлены ў Дзяржаўным каталогу Рэспублікі Беларусь.

Вядучай тэмай камплектавання фонду фотаздымкаў многія гады была і застаецца тэма «Воінскія падраздзяленні, якія прымалі ўдзел у абароне Брэсцкай крэпасці ў чэрвені–ліпені 1941 года».

Фарміраванне калекцыі па гэтай тэме ажыццяўляецца найперш шляхам збору матэрыялаў з асабістых архіваў абаронцаў крэпасці і іх сем’яў.

З 90-х гадоў ХХ стагоддзя калекцыя папаўняецца фотакопіямі дакументаў, фотаздымкамі і кінакадрамі праціўніка, якія паступілі з калекцый ветэранаў вермахта, Цэнтральнага архіва Савецкай Арміі, архіва Міністэрства абароны СССР, з Цэнтральнага музея Узброеных Сіл, з Цэнтральнага архіва кінафотадакументаў г. Белыя Стаўбы Маскоўскай вобласці.

Неацэнная заслуга ў раскрыцці тэмы гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці, у пошуку яе абаронцаў удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, пісьменніка, аўтара кнігі «Брэсцкая крэпасць», лаўрэата Ленінскай прэміі Сяргея Сяргеевіча Смірнова. У фондах сабрана вялікая калекцыя фотаздымкаў сустрэч С.С.Смірнова з абаронцамі крэпасці, першых тэлеперадач з Брэсцкай крэпасці, якія перадавалі ў музей ветэраны вайны, сам пісьменнік, яго жонка Вяргінія Генрыхаўна.

Сёння ў зборы фотадакументаў знайшлі сваё адлюстраванне і новыя традыцыі: у крэпасці на плошчы Цырыманіялаў, прымаючы прысягу, даюць клятву на вернасць Радзіме воіны Брэсцкага гарнізона, пагранічнікі, супрацоўнікі МУС, праходзяць дні прызыўніка, мітынгі ў Дзень Перамогі – 9 мая, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны – 22 чэрвеня.

Калекцыя фотадакументаў была прадстаўлена ў краінах далёкага і блізкага замежжа: Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Каралеўстве Нідэрланды, Рэспубліцы Польшча, Расійскай Федэрацыі, Рэспубліцы Казахстан, многіх гарадах: Калінінградзе, Разані, Маскве, Белгарадзе і іншых.