Важным складнікам музейнага збору з’яўляецца агнястрэльная і халодная зброя айчыннай і замежнай вытворчасці, якая паступала ў розныя гады з Дзяржаўнага гістарычнага музея і Цэнтральнага музея Савецкай Арміі (г. Масква), Артылерыйскага гістарычнага музея і Дзяржаўнага мемарыяльнага музея імя А.В.Суворава (г. Ленінград), воінскіх часцей г. Брэста, г. Мінска, г. Гомеля.

Асобае месца займаюць узоры стралковай зброі Тульскага і Іжэўскага зброевых заводаў, з якой абаронцы крэпасці сустрэлі вайну: вінтоўкі і карабіны сістэмы Мосіна, самазарадныя вінтоўкі сістэмы Токарава, пісталеты-кулямёты і ручныя кулямёты Дзегцярова, рэвальверы сістэмы «Наган», пісталеты «ТТ». Яны дазваляюць прасачыць развіццё інжынерна-тэхнічнай думкі і адчуць, што за халодным металам стаялі людзі – абаронцы Айчыны.

Калекцыю дапаўняюць сямейныя рэліквіі, перададзеныя абаронцамі крэпасці, удзельнікамі вызвалення г. Брэста і іх сваякамі.

Вялікую цікавасць у наведвальнікаў выклікае савецкае артылерыйскае ўзбраенне на адкрытых пляцоўках мемарыяла: супрацьтанкавыя, палкавыя, дывізіённыя, зенітныя прылады, мінамёты, а таксама бранятанкавая тэхніка – сярэднія танкі Т-34-85, Т-44, самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі СУ-152.

Узорамі доўгаклінковай і кароткаклінковай прадстаўлена халодная зброя.

Асобны раздзел – антыкварная зброя: мушкетоны, стрэльбы, пісталеты з ударна-крэмневымі і ўдарна-капсульнымі замкамі, казназарадныя стрэльбы XVIII–XIX стагоддзяў вытворчасці Тульскага, Іжэўскага, Сестрарэцкага заводаў, а таксама французскай вытворчасці.

Агнявую моц пацвярджаюць гладкаствольныя і наразныя гарматы, адлітыя з чыгуну, якія былі на ўзбраенні ў пачатковы перыяд існавання крэпасці. Некаторыя з іх былі знойдзены ў фартах 1-й лініі ў 60-я гады XX стагоддзя.

У калекцыі 500 адзінак захоўвання.

Калекцыя «Зброя з раскопак»

Калекцыя «Зброя з раскопак» пачала фарміравацца ў 1950-я гады, калі пры разборы руін крэпасці разам з астанкамі загінулых знаходзілі іржавыя ствалы вінтовак, дэталі кулямётаў і дыскі, драбы рэвальвераў, пісталетаў, ракетніц, гільзы, штыкі, шматлікія асколкі мін і снарадаў.

У 1951 годзе камандаванне вайсковай часці 67155, якая размяшчалася ў Брэсцкай крэпасці, выдзеліла памяшканне для захоўвання гэтых рэліквій.

З адкрыццём у 1956 годзе Музея абароны Брэсцкай крэпасці яны сталі яго першымі экспанатамі.

Значнымі паступленнямі ў музейны збор адзначыліся 70-я гады XX стагоддзя, калі вяліся работы, звязаныя з будаўніцтвам мемарыяльнага комплексу.

Шмат прадметаў было знойдзена з 1998 па 2001 гады – падчас ачысткі вадзянога рова крэпасці.

З 1995 года пошукавыя работы вядзе 52-гі асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Знойдзеная зброя, яе часткі і боепрыпасы ва ўстаноўленым парадку перадаюцца ў музейны збор.

На сённяшні дзень у калекцыі «Зброя з раскопак» больш за 6 тысяч адзінак захоўвання.